Фестываль скульптуры «SculptFest» Беларускага саюза мастакоў – маштабны выставачны марафон, які аб'ядноўвае на розных арт-пляцоўках большасць дзеючых мастакоў-скульптараў з усёй Беларусі.

31 сакавіка 2021 года ў 18.00 ў вялікай зале Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё цэнтральнага групавога праекта Фестываля, у якім прымаюць удзел скульптары з розных рэгіёнаў Беларусі.

ІВАН АРЦІМОВІЧ, адзін з куратараў Фестывалю скульптуры: «Выстава ў Палацы мастацтва з’яўляецца буйнейшай падзеяй Фестываля – гэта традыцыйная для суполкі групавая выстава ў спалучэнні з куратарскімі павільёнамі, якія паказваюць творчасць асобных майстроў скульптуры.

Скульптура, якая з’яўляецца ў гарадскім асяроддзі – адзін з важнейшых паказчыкаў узроўню культуры грамадства. У адрозненні ад скульптуры ў грамадскай прасторы, станковая скульптура заўжды на крок наперадзе. Яна эксперыментуе, шукае новыя формы і матэрыялы, іх спалучэнні. Яна звяртаецца проста да гледача, і такая гаворка звычайна ідзе сам насам на тэмы, якія рэдка ўвасабляюцца ў мануменце. Яна дазваляе спрагназаваць, адчуць будучыя змены ў мастацтве.

Выстава такога кшталту дазваляе ўбачыць глыбінныя мастацкія працэсы ў маштабе краіны. У экспазіцыі бяруць удзел творы мастакоў з усіх абласцей Беларусі і, нават, замежжа. Асобную ўвагу куратары выставы надаюць персанальным павільёнам, дзе выбраным аўтарам прапануецца паказаць асобны праект, серыю скульптурных прац ў спалучэнні з аўтарскай графікай, рэльефам, стварыць персанальную выставачную прастору, дзе асноўнае месца зойме Аўтар, з яго творчым метадам, светапоглядам, ідэямі».

На выставе ёсць месца самым розным плыням – ад традыцыйных партрэтных і фігуратыўных вобразаў і кампазіцый, да паряваў сучаснага нефігуратыўнага мастацтва, якое больш чым які-небудзь накірунак патрабуе ад гледача супрацы, уважлівага пранікнекнення ў сутнасць аўтарскай канцэпцыі. Пры гэтым, як паказваюць апошнія гады выставачнай дзейнасці, прыхільнікаў класічнай школы і самых радыкальных авангардыстаў яднае пошук філасофскага складніку – мастакі даволі рэдка выбіраюць трывіяльныя сюжэты, ствараемыя вобразы алегарычныя, напоўненыя глыбокімі перажываннямі…».

Праект падрыхтаваны секцый скульптуры ГА «Беларускі саюз мастакоў», яго мэта – прадставіць шырокай публіцы творцаў і іх творы, выкананыя ў розных жанрах і матэрыялах, пазнаёміць з новымі тэндэнцыямі ў сучаснай беларускай скульптуры.

Акрамя цэнтральнай падзеі Фестывалю – традыцыйнай групавой выставы ў вялікай зале Палаца мастацтваў, будзе прадстаўлена асобная экспазіцыя, прысвечаная падзеям гісторыі нашай краіны, яе выбітным дзеячам (месца правядзення – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь). Асобым інгрэдыентам Фестывалю стане выстава анімалістычнай скульптуры – кірунку, які не губляе папулярнасці ў коле беларускіх скульптараў і нязменна выклікае вялікую цікавасць у гледача. Упершыню за доўгі час аматары жанру пабачаць значную калекцыю адмысловых твораў, сабраную ў прасторы адной галерэі (выстава адкрыецца ў Арт-гасцёўні «Высокае месца»). Асобная экспазіцыя Фестывалю пазнаёміць з творчасцю маладых скульптараў, для многіх з якіх удзел у выставе стане яркім творчым дэбютам (маладзёжная выстава адбудзецца ў галерэі «Акадэмія»). Таксама ў рамках праекта будзе прадстаўлены шэраг групавых і персанальных выстаў – скульптараў Г.Мурамцава, Я.Колчава, Д.Аганава, А.Сакалова*.

Фестываль мае адкрыты фармат і не мае якіх-небудзь абмежаванняў для ўдзельнікаў. Галоўная ўмова – высокі мастацкі ўзровень прадстаўленых твораў.