МІЖ НАМІ/INTER NOS

28 красавіка (серада) 2021 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) а 18-й гадзіне адчыняецца выстава “Між намі/Inter nos”.

2021 юбілейны год для чатырох мастакоў таго пакалення, чыё творчае сталенне адбывалася на зломе эпох: ІГАРА ГАРДЗІЁНКА, ПАЎЛА ТАТАРНІКАВА, АЛЯКСАНДРА ШАППО, СЯРГЕЯ ШЭМЕТА. Разам яны рабілі свае першыя крокі да прафесійнага мастацтва ў сценах знакамітага “Парната”, пасля навучаліся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Зараз паплечнікі аб’ядналіся, каб прадставіць у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” экспазіцыю “Між намі/Inter nos”.

Імёны аўтараў і іх творы вядомы прафесіяналам і аматарам мастацтва ў Беларусі, і за яе межамі. Прызнаныя лідары айчыннага мастацтва валодаюць вялікім творчым патэнцыялам, іх мастацкія выказванні, заўсёды цікавыя і неардынарныя, выклікаюць шырокі рэзананс.

Назва “Між намі/Inter nos” характарызуе нетыпічны для юбілейных выстаў праект. У экспазіцыйнай прасторы глядач сустрэнецца не з традыцыйнай рэтраспекцыяй твораў розных гадоў, а з актуальнымі разважаннямі майстроў пра існасць.

Канцэпцыя экспазіцыі прадугледжвае мастацкі дыялог самабытных, з маштабным мысленнем асоб пакалення Х. Прасторавыя, часавыя і аб'ектавыя адносіны, раскрытыя ў творах, вызначае прыназоўнік “між”. У бездакорных у тэхнічным аспекце работах паўстаюць мастацкія вобразы, якія выклікаюць бясконцыя ланцужкі асацыяцый.

Аўтараў, розных у творчых падыходах і асабістых устаноўках, яднаюць каардынаты, вызначаныя найперш прафесійнай мастацкай школай, прадстаўнікамі якой яны з’яўляюцца. Мастакам уласцівыя памкненні да рэфлексіі, пошук тоеснасці, надзвычай шырокі дыяпазон цытат з эпох і твораў мінулага, адмысловая выразнасць даволі складанай пластычнай мовы.

Грунтоўны падмурак класічнай адукацыі дазваляе аўтарам абсалютна вольна пачувацца ў вырашэнні любой творчай задачы. А адсутнасць ідэалагічных шор і адчуванне ўнутранай свабоды, што характэрна для іх генерацыі, дае моцны імпульс нараджэнню адметнай плыні ў айчынным мастацтве.

Выстава “Між намі/Inter nos” рэпрэзентуе самавызначэнне яркіх індывідуальнасцяў, аб’яднаных часам, колам зносін, прыхільнасцю да культурнай спадчыны і павагай да прафесійнага рамяства.

Кантакты:

Алена Бохан +37529 3425537

Ксенія Жукоўская +37529 7686837