28 красавіка (серада) у Арт-партале Рэспубліканскай мастацкай галерэі "Палац мастацтва" (вул. Казлова, 3) у 17.00 адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы сябры Беларускага саюза мастакоў, секцыі дэкратыўнага мастацтва Аляксандра Яфімавіча Грэся, прымеркаваная да 70-годдзя аўтара.

На выставе будуць прадстаўлены дэкаратыўна-прыкладныя вырабы з саломкі (скрынкі, хлебніцы, цукерачніцы, вазы, падносы, стравы, галаўныя ўборы) і лазы (кошыкі), выкананыя ў традыцыйным нацыянальным беларускім стылі. Таксама будуць экспанавацца творы станковага жывапісу (пейзажы Палесся і нацюрморты).

АЛЯКСАНДР ГРЭСЬ Нарадзіўся 22 мая 1951 у г. п. Брагін Гомельскай вобласці. Скончыў у Мінску ГПТУ №31 (з чырвоным дыпломам), энергетычны тэхнікум і Політэхнічны інстытут (ў 1985 г.). З 1979 г. актыўны ўдзельнік мастацкіх выстаў (больш за 30 выстаў у РБ і за яе межамі). Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1989 года.

Асноўныя творы: дэкаратыўныя шкатулкі "Залатая восень", "Чарадзейка", "Сонейка", "Завіток"; падносы "Вясельны", "Падарункавы", "Вясновы"; цукерачніцы "Змейка", "Ластаўка", сухарніцы "Для кавы", "Беларускі сувенір", "Да гарбаты".

Прымаў удзел у афармленні экспазіцыі літаратурнага музея Максіма Багдановіча (Мінск, Беларусь), выставы UNESCO да 500-годдзя Францыска Скарыны (Парыж, Францыя). З'яўляецца аўтарам упрыгожванняў і аксесуараў для фальклорных калектываў "Харошкі", "Бяседа", "Свята", "Купалінка", "Агмень", "Крэсіва", "Белая Русь", "Мінскі гармонік "і інш.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, фондах Беларускага саюза мастакоў, Расійскім этнаграфічным музеі (г. Санкт-Пецярбург), Усерасійскім музеі дэкаратыўна- прыкладнога і народнага мастацтва (г. Масква), цэнтры UNESCO (г. Парыж, Францыя), музеях Вялікабрытаніі, Германіі, Нарвегіі, Польшчы. Жыве і працуе ў г. Мінску.

Тэлефон для даведак:

+375 44 515 53 10 (Лукашэвіч Сяргей Мікалаевіч).

Тэлефон для тэхнічных кансультацый +375 44 785 01 06 (Грэсь Аляксандр Яфімавіч)