17 чэрвеня (чацвер) у 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі адкрыецца галоўны праект новага рэспубліканскага фестывалю Беларускага саюза мастакоў – ФЕСТЫВАЛЬ МАНУМЕНТАЛЬНАГА МАСТАЦТВА “МАНУМЕНТ”.

Праект падрыхтаваны секцыяй манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў. Манументальнае мастацтва на працягу многіх стагоддзяў прысутнічала ў інтэр'еры і экстэр'еры культавых і грамадскіх будынкаў, асабнякоў і палацаў, узмацняючы і дапаўняючы іх эмацыйнае ўздзеянне на чалавека. У кожную эпоху мастакі знаходзілі такія выразныя сродкі і мастацкія вобразы, якія найбольш поўна адпавядалі характару архітэктуры. А кожная архітэктурная эпоха адводзіла вырашальную ролю аднаму з вiдаў манументальнага мастацтва, пакінуўшы чалавецтву цудоўныя раманскія фрэскі, вітражы Сярэднявечча, скульптурныя ўпрыгожванні барока.

Беларускае манументальнае мастацтва - паўнавартасны сегмент багатай культурнай гісторыі краіны. Аб'екты манументальнага мастацтва ёсць ва ўсіх гарадах Беларусі. Многія з іх былі створаны ў 1960-1980 гады. Гэта звязана і з тым, што ў 1961годзе ў Мінску адкрылася аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У той жа час скончылася эпоха празмернага ўпрыгожвальніцтва архітэктуры і мастаки-манументалісты пачалі шукаць новыя формы, канцэнтраваць увагу гледача на каляровай гаме, дэталях і фактурах для выразнасці планаваных архітэктурных ансамбляў. Ад дамінуючых вобразаў працоўнага жыцця і подзвігу да разнапланавай сучаснай тэматыкі (звароту да нацыянальных традыцый, запазычанняў са старажытных культур, моладзевай стылістыкі графіці, царкоўных роспісаў і мазаік) – такая тэматыка манументальных твораў, якія адлюстроўваюць найноўшую гісторыю Беларусі. А ў 1969 годзе была створана секцыя манументальнага жывапісу (цяпер секцыя манументальна-дэкаратыўнага мастацтва) у Саюзе мастакоў БССР. На пляцоўцы Палаца мастацтва ў галоўным праекце Фестываля прадстаўлены творы пачынальнікаў манументальнай школы ў Беларусі –Гаўрыіла Вашчанкі, Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Стальмашонка. Іх работы адметныя – вызначаюцца свабоднай вобразнай мовай, у якой няма вузкіх арыенціраў і штампаў, сімволікай, якая характэрна для манументальнага мастацтва, і рэалістычнай пераканаўчасцю станковага твора.

На жаль, шмат манументальных работ, створаных у савецкі час, сёння ўжо не існуе. У 1990-пачатку 2000-х гадоў нават была асцярога, што неабходнасць у манументальных роспісах, мазаіках, сграфіта, вітражах знікне. Аднак, усё склалася іначай. Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва не страціла сваёй актуальнасці сёння, і апошняе дзесяцігоддзе гэта выразна зазначыла. Распісваецца вялікая колькасць храмаў. Ствараюцца мазаікі і вітражы. Роспісамі упрыгожваюцца прыватныя інтэр'еры, актыўна выкарыстоўваюцца яны і ў афармленні сучасных грамадскіх памяшканняў. Важнай часткай манументальнага мастацтва з'яўляецца і мастацтва рэстаўрацыі.

У рамках асноўнай выставы Фестывалю манументальнага мастацтва “Манумент” у Палацы мастацтва прадстаўлена 200 работ розных аўтараў з адметным творчым почыркам і светабачаннем, а таксама персанальныя выставачныя праекты мастакоў-манументалістаў, якія актыўна займаюцца сёння не толькі манументальным, але і станковым жывапісам: Аляксандра Некрашэвіча, Сяргея Грыневіча (Гродна), Аляксандра Сільвановіча (Гродна), Васіля Васільева (Віцебск), Юрыя Несцярука (Магілёў), Генадзя Козела, Андрэя Петкевіча, Васіля Зянько, Станіслава Гурскага, Анастасіі Хобатавай і іншых.

І гэта не выпадкова. Быў час, калі мастак-манументаліст ставіўся да сцяны будынка як да палатна, нацягнутага на падрамнік. Гэта стала вынікам таго перыяду асваення індустрыяльнай архітэктуры, дзе творы жывапісу (мазаіка, вітраж) ўспрымаліся па-за навакольнага асяроддзя, нярэдка як і сама архітэктура. Тым самым гледачу прапаноўвалася не паглыбленне ў кампазіцыю, а хуткі ахоп багатага, яркага плоскага дэкору.

Сёння існуе іншая тэндэнцыя: мастакі-мануметалісты пачынаюць ставіцца да карціны як да роспісу аб’екта. Гэта стала вынікам “сыходу” многіх мастакоў-манументалістаў у жывапіс. Але пры гэтым іх работы адметная з’ва ў станковым мастацтве: яны выкананы ў вялікім памеры, у канструктыўнай стылістыцы, у свабоднай пластычнай манеры .

Фестываль манументальнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў задуманы як маштабны выставачны марафон, які аб'ядноўвае на розных арт-пляцоўках сталіцы мастакоў-манументалістаў з Мінска і розных рэгіёнаў Беларусі. Яго мэта - пазнаёміць гледачоў з новымі тэндэнцыямі ў сучасным беларускім манументальна-дэкаратыўным мастацтве, прадставіць шырокай публіцы вядомых мастакоў-манументалістаў і іх новыя працы, выкананыя ў розных жанрах і матэрыялах, адкрыць новыя імёны маладых аўтараў, у тым ліку студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва, для многіх з якіх гэтая выстава стане першай рэспубліканскай.

Адкрыўся Фестываль у Нацыянальным гістарычным музеі экспазіцыяй «Зандажы і міражы рэстаўрацыі» творчага аб'яднання рэстаўратараў «Басталия». У выставачнай зале музея наведвальнікі пазнаёмяцца з чатырма асноўнымі складнікамі беларускага мястэчка – царква, касцёл, сінагога і сядзіба. На выставе прадстаўлены матэрыял даследаванняў роспісаў Вялікі сінагогі ў Слоніме, сядзібы ў Лошыцы, Мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, капэлы Успення Найсвяцейшай Панны Марыі Палацава-замкавага комплексу ў Нясвіжы.

У праграме Фестываля запланаваны некалькі персанальных праектаў вядомых беларускіх манументалістаў і маладых аўтараў – сяброў маладзёжнай секцыі Беларускага саюза мастакоў, студэнтаў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Партнёрамі Фестывалю сталі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Музей гісторыі горада Мінска (Мастацкая галерэя твораў Л.Д.Шчамялёва і арт-гасцёўня «Высокае месца»).

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца


Праграма фестывалю*

08.06. – 04.07. Выстава «Зандажы і міражы рэстаўрацыі». Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12)

17.06. у 18.00 – 04.07. Асноўны праект фестывалю манументальнага мастацтва «Манумент». Персанальныя выставы Валянціна Нуднова і Уладзіміра Клімушкі. Рэспубліканская мастацкая галерэя «Палац мастацтва» (вул. Казлова, 3)

21.06 у 18.00 – 16.07. Графіка мастакоў-манументалістаў. Галерэя «Мастацтва» (пр-т Незалежнасці, 12)

22.06 у 18.00 – 16.07. Выставачны праект мастака-манументаліста Алеся Сушы. Галерэя «Беларт» (вул.Карла Маркса, 4)

23.06 у 18.00 – 18.07. Выставачны праект мастака-манументаліста Васіля Васильева (Віцебск). Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д.Шчамялёва (вул.Рэвалюцыйная, 10)

24.06 у 18.00 – 30.07. Выстава мастака-манументаліста Віктара Нямцова. Выставачная зала імя А. Бембеля (Беларускі саюз мастакоў, вул. Якуба Коласа, 29а)

30.06 у 18.00 – Выстава маладых мастакоў-манументалістаў. Арт-гасцёўня «Высокае месца» (вул. Герцэна 2а)

01.06. у 18.00 – выставачны праект студэнтаў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва (пр-т Незалежнасці, 81)

Нацыянальная бібліятэка Беларусі – зборны праект мастакоў- манументалістаў. Час і дзень удакладняюцца.

А таксама пройдуць аўтарскія экскурсіі і сустрэчы, круглы стол, прысвечаны пытанням захавання ў Беларусі спадчыны манументальнага мастацтва.

*Аб магчымых зменах паведамім дадаткова