7 ліпеня (серада) 2021 года а 17-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (г. Мінск, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё мастацкага праекта “Каля Нуля”. Куратар праекта Кацярына Мяснікова (Полацк)

Мастацкі праект “Каля Нуля” з’яўляецца філасофскім роздумам пра жыццё і смерць, пошукам здагадак: што знаходзіцца на мяжы переходу, на нулявым адрэзку паміж сусветамі.

Праект мае некалькі назваў і інтэрпрэтацый, якія паўсталі, не ў апошнюю чаргу, з розніцы сэнсавых напаўненняў, абумоўленых мовамі: “Около Нуля” – гутарка вядзецца пра пачатак і завяршэнне, пра амплітуду крывой, якая метафарычна выяўляе дынаміку чалавечага жыцця;

“About Zero” – у англійскай мове гэта паняцце ўтрымлівае адценне гульні, азарту. У нашым праекце гэта тэма рызыкі, тэма мяжы;

“Ab Ovo” – у літаральным сэнсе “ад яйка”; рымскі выраз, які сэнсава перакладаецца “наноў, спачатку”. “Пачнем ад самага пачатку, з вытокаў”, – прапаноўваем мы гледачу;

“Каля Нуля” – выраз, што тычыць стану надвор’я, зразумеламу любому жыхару Беларусі: пакуль зябка, але яшчэ трошкі, і будзе халодна. Мастакі, кожны па-свойму, інтэпрэтуюць Нуль у розных яго праявах: Нуль – як фізічная велічыня, якую мы назіраем у наваколлі: гэта і доля святла, і градус, пад які замярзае вада ў калюжынах, і колькасць снега, што выпаў узімку.

Нуль – як зернейка, што сімвалізуе адраджэнне, акумуляцыю прыроднай моцы, што вяртае да жыцця.

Нуль – як мяжа паміж сусветамі, шэрая стужка паміж быццём і нябытам. Нуль – як аб’ект, як форма, як частка альфабэту і адрозных сістэм знакаў.

Нуль – як мінімалізм: мінімальнасць аб’ектаў, мінімальнасць колераў.

Нуль – як лаканічнасць, чысціня і бясконцасць. Чым ёсць жыццё чалавека – AB OVO, – як не адхіленнем пёрка маятніка ад нулявой восі? Чым больш значная амплітуда яго руху – тым ярчэйшы след ён пакіне.

Нуль – гэта абсолютнае нішто і ў той жа час Нуль – гэта зярнятка, з якога вылузваецца чалавек, гэта патэнцыял, моц зародышу, што заспакоены да часу. Для кожнага з удзельнікаў праекта гэты сімвал мае свой сэнс. Кожны з нас унікальны і кожны ў сваім жыцці сутыкаецца з Нулём у ягонай шматаблічнасці.

І ў гэтым праекце я збіраю адценні, сэнсы і сілуэты сімвала – аднога з самых спрэчных у шматлікасці значэнняў – у выкананні вядомых беларускіх мастакоў, сярод якіх Кацярына Сумарава, Андрэй Басалыга, Таццяна Макляцова, Валянціна Шоба, Святлана Баранкоўская, Марына Бацюкова, Сяргей Сотнікаў, Алена Чэпелева, Андрэй Рэвякоў, Алена Гурына-Шылко і іншыя. Гэтыя адценні увасоблены ў жывапісе, графіцы, скульптуры, тэкстылі, кераміцы і фатаграфіі.

Праект «Каля Нуля» – праект-медытацыя, у якім магчымае ўсё, нават дзяленне на Нуль.

Кацярына Мяснікова

Выстава будзе доўжыцца да 22 ліпеня 2021 года ўключна.