7 ліпеня (серада) 2021 года а 18-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (г. Мінск, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы, прысвечанай 35-годдзю стварэння творчага аб’яднання “Няміга-17”.

На выставе будуць прадстаўлены творы жывапісу Альгерда Малішэўскага, Алега Маціевіча, Алеся Цыркунова, Міколы Бушчыка, Леаніда Хобатава, Сяргея Кірушчанкі, Анатоля Кузняцова, Зоі Літвінавай, а таксама скульптура Тамары Сакаловай і Галіны Гаравой.

Творчае аб’яднанне “Няміга-17” з’явілася ў складаны, пераломны перыяд, і зрабіла значны ўнёсак у развіццё сучаснага беларускага мастацтва ХХ-ХХІ стагоддзяў. Дзевяць беларускіх мастакоў стварылі той падмурак, які з цягам часу потым узмацняўся новымі яго сябрамі. Неабходна адзначыць ролю двух мастацтвазнаўцаў – Ірыны Стальной і Валерыя Буйвала. Менавіта яны, як сябры суполкі, арганізоўвалі выставы як у Беларусі, так і за яе межамі: Ленінград (Расія) Дом Журналіста, Рыга (Латвія) музей “Арсенал”, у Заходняй Еўропе – Германія, Італія, Іспанія, Францыя (дарэчы, за актыўную выставачную дзейнасць і развіццё культурных стасункаў паміж Францыяй і Беларуссю Ірына Стальная, Зоя Літвінава і Галіна Гаравая былі ўзнагароджаны ордэнамі французскага ўрада “За дасягненні ў літаратуры і мастацтве”). Актыўная выставачная дзейнасць суполкі “Няміга-17” доўжылася да 2002 года.

Менавіта ў 2002 годзе ў залах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (г. Масква) адбылася апошняя агульная выстава, дзе экспанаваліся жывапісныя творы Мікалая Бушчыка, Зоі Літвінавай, Анатоля Кузняцова, Сяргея Кірушчанкі, Леаніда Хобатава і скульптуры Галіны Гаравой і Тамары Сакаловай. Як заўважыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Траццякоўкай галерэі Аляксандр Марозаў падчас адкрыцця выставы: “Калі сказаць пра філасофію светапогляду майстроў “Няміга-17”, то необходна заўважыць, што ім давялося жыць у час чарговага абвала краіны, не такога катастрафічнага, як у былыя дні рэвалюцыі і двух сусветных войнаў. І тое апірышча, якое яны знайшлі для сябе ў надзеі на будучыню, – і гэтае апірышча на стваральныя стыхіі прыроды, здаровыя асновы векавога ўкладу чалавечага жыцця”.

Удзельнікі творчага аб’яднання “Няміга-17” з самага пачатку сваёй дзейнасці не прымалі артадаксальнае разуменне рэалізму (чытайце: сацрэалізму), імкнуліся вызначыць сваё месца ў кантэксце сучаснага беларускага мастацтва ХХ стагоддзя і дадаткова ўзялі на сябе абавязак аднавіць перапыненныя жывапісныя пошукі беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва 20-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Даволі слушную думку выказаў у каталогу да выставы “Няміга-17” беларускі мастацтвазнаўца Аляксандр Дабравольскі: “Удзельнікі суполкі адмаўляюць і тое разуменне мастацкай формы, якое панавала дагэтуль. Справа не толькі ў тым, каб выйсці за межы канонаў, за межы калісьці і кімсьці акрэсленае для мастацтва, якое называецца рэалістычным. Усё куды глыбей. Эстэтычнае – ёсць жыццё”.

Мікалай Паграноўскі

Выстава будзе доўжыцца да 22 ліпеня 2021 года ўключна.