7 ліпеня (серада) 2021 года а 17-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (г. Мінск, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё Міжнароднага мастацкага праекта “Трэцяя плынь”.

Міжнародны праект “Трэцяя плынь” – ініцыятыва віцебскага мастака Леаніда Мядзведскага. Праект атрымаў назву ў гонар кірунка ў музыцы, які аб'ядноўвае класіку і джаз, традыцыю і імправізацыю. Менавіта такое стаўленне пакладзена ў аснову праекта.

Мэта выстаў “Трэцяй плыні” – вывучэнне сучаснага стану жанраў як сістэмы, якая арганізуе, інтэрпрэтуе і прэзентуе наратыў і вопыт.

Першая выстава ў рамках праекта прайшла ў 2017 годзе, яна была прысвечана партрэту; у 2018-м – краявіду. У 2020 годзе праект прапануе даследваць такі традыцыйны жанр як нацюрморт. Тэмай была абрана культавая серыя карцін Жоржа Брака “Майстэрня”, якая спалучае інтэр’ер, нацюрморт і філасофскую сюжэтна-тэматычную кампазіцыю. Безумоўна, гэтая тэма не абмяжоўвае удзельнікаў выставы ні сюжэце, ні ў стылістыцы прац, – гэта хутчэй падстава для натхнення і «гістарычная даведка», напамін аб адным з этапаў развіцця жанраў у выяўленчым мастацтве. Майстэрня мастака – месца, дзе пануе творчае мысленне і свабодны дух, які ў серыі Брака ўвасабляўся ў вобразе птушкі, кожны ўдзельнік выставы мог як працягваць пошукі свайго вобраза творчасці, так і звярнуцца да традыцыйнага жанра і прадставіць нацюрморт.

2021 год для праекта адметны. Удзельнікам выставы ў Мінску было прапанавана прадставіць свае лепшыя работы розных жанраў з розных праектаў. У рамках выставы “Трэцяя плынь” можна будзе пазнаёміцца з работамі віцебскіх мастакоў Леаніда Мядзведскага, Аляксея Краўчанкі, Віктара Шылко, Алены Гурынай, Вікторыі Крупскай, Віктара Мікалаева, Валянціны Ляховіч, Настассі Ганчаровай, а таксама мінскіх аўтараў Кацярыны Сумаравай, Дар’і Сумаравай-Копач, Ілоны Касабукі, Уладзіміра Канцэдайлава, Аляксандра Дзямідава і іншых.

У міжнародным праекце разам з беларускімі мастакамі прымаюць удзел мастакі з Латвіі, Ізраіля, Расіі. У гэтым годзе іх удзел – віртуальны, на выставе будзе паказана відэапрэзентацыя з дасланых рэпрадукцый прац.

Выстава будзе экспанавацца да 22 ліпеня ўключна.

Алена Ге, старшы навуковы супрацоўнік Музея Марка Шагала ў Віцебску