29 ліпеня 2021 года ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацва” адкрываецца рэспубліканскі выставачны праект керамікі і шкла “Пласт-21”, які быў падрыхтаваны секцыяй дэкратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага саюза мастакоў. Куратар выставы – Вольга Сямашка. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 50 пластоў, створаных ужо вядомымі мастакамі і студэнтамі мастацкіх навучальных устаноў краіны.

У адрозненне ад звыклых выстаў дэкаратыўнага мастацтва, калі ў адной экспазіцыі аб'ядноўваюцца розныя формы, жанры, функцыі і матэрыялы, новы праект вылучае толькі адзіны яркі накірунак – пласты з керамікі і шкла.

Прафесійных мастакоў, прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў, выхаванцаў розных прафесійных школ, аб'ядноўвае ў экспазіцыі любоў да керамічных паверхняў – пластоў, любоў да агню і эксперыменту. “На сенняшні дзень кераміка – як від мастацтва, знаходзіцца ў трэндзе, і вабіць да сябе вялікую колькасць аматараў. Таму гледачам будзе цікава паглядзець як працуюць з матэрыялам мастакі розных пакаленняў і школ. Выстава керамікі і шкла, як правіла, гэта мікс форм – а на нашай выставе мы абмяжоўваем удзельнікаў “плоскасцю”, – зазначае куратар праекта мастак Вольга Сямашка.

“Пласты – гэта асаблівы жанр у мастацтве керамікі. Пласт можа быць вертыкальным, гарызантальным, мець любую форму – ён можа стаць галоўным персанажам і цэнтрам кампазіцыі, а можа стаць месцам для гульні ліній і колераў. Межаў для мастакоў няма: фактуры, тэкстуры, роспіс, жывапіс, рэльеф, прадрапванне – вось мова керамічнага палатна. Пэндзлі, стэкі і фантазія – інструменты мастака-кераміста для працы з глінянай “паверхняй”. З дапамогай плям і ліній, фармальных кампазіцый, абстракцый або цалкам рэалістычных мастацкіх матываў у апавядальнай або асацыятыўнай рытміцы мастак увасабляе свае ўражанні і ўспаміны, але заўсёды гэта – эмоцыі, якія ён “выкладвае” на гліняны пласт, дзе яны ў выніку абпалу з пластычных становяцца цвёрдымі”, – распавядае мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.

Магчымасць злучэння рэльефу і колеру робіць керамічныя пласты ўнікальным жанрам у мастацтве. Паверхні керамічнага пласта складаныя, за гэта і любяць керамісты гэты жанр. Хтосьці малюе на іх палачкай, хтосьці - пэндзлікам і стэкам, хтосьці згортвае краі і выгінае пласт, задаючы яму патрэбную пластыку. Кераміка, загартаваная ў агні, вельмі трывалы матэрыял, але пры гэтым яна вельмі далікатная, з-за чаго і стаўленне да яе ў мастака асаблівае – трапяткое, паважлівае.

Акрамя прызнаных зорак керамікі і шкла, такіх як Наталля Яўглеўская, Эмілія Фокіна, Тамара Васюк, Аляксандр Зіменка, Аляксандра Дзятлава, Вольга Сазыкіна, Валерый Калтыгін, Вольга Сямашка, Ганна Амбросава, Алена Чэпелева, Жана Марозава і іншых, у выставе прымаюць удзел маладыя аўтары і нават студэнты.

Выстава будзе экспанавацца да 15 жніўня ўключна.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395 15 49;+375 (29) 264 68 48 (МТС).

З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva