29 ліпеня 2021 года ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацва” адкрываецца выставачны праект “35 гадоў пад знакам “Ч”, які быў падрыхтаваны Беларускім саюзам мастакоў і экспанаваўся ў красавіку гэтага года ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 70 работ жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечаныя тэме экалагічных катастроф і іх наступстваў, работы мастакоў з розных рэгіёнаў краіны.

“Трыццаць пяць гадоў прайшло пасля Чарнобыльскай катастрофы. З тых мастакоў, што першымі паехалі ў 1987 годзе ў забруджаную зону, стваралі дакументальныя, рэпартажныя работы, малявалі закінутыя вёскі, дзікоў на вуліцах, раскіданыя рэчы, амаль нікога сёння не засталося ў жыцці. Сярод іх такія знакамітыя творцы як Валерый Шкаруба, Мікалай Цудзік, Уладзімір Кожух, Аляксандр Фралянкоў. Віктар Шматаў, які ратаваў для гісторыі матэрыяльную культуру Палесся, збіраў экспанаты для Музея старажытнабеларускай культуры. Гаўрыіл Вашчанка, памятаю горкія кадры дакументальнага фільма, знятага яшчэ пры яго жыцці, з раскіданымі па траве радыяцыйнымі яблыкамі ў роднай, памерлай ужо вёсцы. Толькі Віктар Барабанцаў, адзіны з той кагорты, хто сёння згадвае свае паездкі па забруджаных мясцінах у канцы 1980-х. І штораз звяртаецца ў новых работах да тэмы Чарнобыльскай катастрофы. Бо ўсё яшчэ баліць...

Ёсць падзеі, якія рэзка падзяляюць рэчаіснасць і гісторыю на “да” і “пасля”… Чарнобыльская катастрофа для многіх пакаленняў людзей з забру-джаных тэрыторый парушыла светлы вобраз дзяцінства, зруйнавала самую ідэю вяртання ў бацькоўскую хату, ідэал увасаблення малой радзімы-абярэга, каштоўнага для кожнага чалавека. З гэтага пачаўся ў беларускім мастацтве пошук новай канцэпцыі чалавека. Мастацтва “пасля” Чарнобыля не столькі спавядае пра “разбуранае” выбухам рэактара жыццё людзей, яно прымушае да філасофскіх развагаў – пра безабароннасць чалавека перад тэхнагеннымі катастрофамі, пра любоў, шчырасць, духоўнасць, пра малую радзіму і Бацькаўшчыну… Яно прымушае засяродзіцца на праблемах ўнутранага свету, і гэта стала своеасаблівай адзнакай апошніх трох дзесяцігоддзяў.

Сённяшняе мастацтва – гэта сапраўды мастацтва ў “паслячарнобыльскую” эпоху. Калі ты разумееш уласную безабароннасць. Калі надыходзіць разуменне таго, што Чарнобыль – гэта надоўга, хутчэй за ўсё, на некалькі будучых пакаленняў. І з гэтай думкай давядзецца жыць. А значыць асэнсоўваць трагедыю штораз наноў. І ўсё гэта абвастрае выказванні творцаў і рэакцыю гледачоў.

У экспазіцыі можна пазнаёміцца з работамі многіх ўжо вядомых у Беларусі творцаў. З творамі народных мастакоў Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі і Уладзіміра Тоўсціка, заслужаных дзеячаў мастацтва Валерыя Шкарубы, Уладзіміра Слабодчыкава, Віктара Барабанцава, Уладзіміра Уродніча, Уладзіміра Кожуха, Роберта Ландарскага. Прадстаўлены жывапіс Уладзіміра Гардзеенкі, Віктара Шматава, Віктара Ціханава, Генадзя Козела, Васіля Касцючэнкі, Леаніда Гоманава, Глеба Отчыка, Анатоля Отчыка; графіка Юрыя Хілько, Уладзіміра Васюка, Канстанціна Вашчанкі, Глеба Герасімава, скульптура Уладзіміра Слабодчыкава, Аляксандра Слепава; габелены Людмілы Пятруль, Ніны Пілюзінай, Святланы Баранкоўскай, Таццяны Козік, кераміка Вольгі Сямашкі ды іншых.

На выставе “35 гадоў пад знакам “Ч” чарнобыльская тэматыка загучала нечакана – праз асацыятыўную жывапісную “Чарнобыльскую плашчаніцу” Кацярыны Сумаравай і сюррэалістыны “Сон” Аляксандра Некрашэвіча. Не менш алегарычным выглядае лабірынт чорных квадратаў у мінімалістычнай графіцы Андрэя Басалыгі, супрэматычны чорна-чырвоны “Чацвёрты блок” Ірыны Кузняцовай або мутацыя жывых істот на фоне рэнтгенаўскіх здымкаў Васіля Зянько.

Магчыма, вось яна – новая канцэпцыя чалавека пасля Чарнобыля? Калі мастацтва спрабуе засяродзіцца на развагах біблейскага маштабу: хто мы, адкуль прыйшлі і куды маем права ісці далей. Ці маем права?”

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца

Выстава будзе экспанавацца да 15 жніўня ўключна.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395 15 49;+375 (29) 264 68 48 (МТС). З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva