29 ліпеня 2021 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацва” адкрываецца мастацкі праект “ВЕЖА”, у якой прадстаўлены работы вядомых гродзенскіх мастакоў Юрыя Якавенкі, Аляксандра Сільвановіча, Сяргея Грыневіча, Уладзіміра Панцялеева, Валянціны Шобы, Вікторыі Ільіной.

Выстава невыпадкова называецца “ВЕЖЫ. KASIA&BASIA”. Былыя ваданапорныя вежы “Кася” і “Бася” на вуліцы Свярдлова – адна са знакамітасцей Гродна. Гэты архітэктурны помнік ХІХ стагоддзя даўно ўжо стаў візітнай карткай гродзенскіх мастакаў. Вось ужо 30 гадоў там на трох паверхах месцяцца іх творчыя майстэрні.

Але не толькі гэта аб’яднала шэсць вядомых мастакоў у экспазіцыі адной выставы. Таксама шматгадовае сяброўства, з моманту, калі яны, пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прыехалі ў Гродна і стварылі тут асаблівае месца прыцягнення сучаснага мастацтва. Сумесныя яркія праекты ў Беларусі і за мяжой, якія нараджаліся таксама тут – у вежах.

Вось і цяпер у вялікай зале Палаца мастацтва кожны з прадстаўленых гродзенскіх мастакоў стварае ўласную прастору, адметную ярка выяўленным аўтарскім стылем, але пры гэтым аб’яднаную – моцнай прафесійнай школай і майстэрствам выканання, агульнай вытанчанай еўрапейскасцю і вобразнасцю. Маштаб іх работ – незалежна ад фарматаў – касмічны. Як і тэмы, якія паднімаюць мастакі, у якіх ёсць усё – развагі пра сённяшні дзень, іронія, схаваная за трапнай метафарай, непрыхаваны нонканфармізм, вытанчаная сюррэалістычнасць успрыняцця рэчаіснасці і проста захапленне ад любімага імі Гродна…

Графічныя творы Валянціны Шобы – гэта свайго роду містычныы рытуал, у якім гучыць штодзённая малітва аб захаванні прыгажосці і гармоніі. На карцінах Валянціны – містычная прырода, казка, магія. Так яна бачыць рэчаіснасць, колеры зямлі, паветра, неба.

Манументальныя кампазіцыі Аляксандра Сільвановіча ствараліся, пад уплывам знаёмства з творчасцю гродзенскага тэатра лялек і непасрэдным удзелам у сцэнаграфіі спектакля “Фауст. Сны” (рэжысер А.Жюгжда). Яго галоўныя героі – лялькі-марыянеткі, якія ўдзельнічаюць у розных тэатральных эпізодах. Работы выклікаюць шмат асацыяцый, адрозніваюцца таемнасцю паэтычнай недаказанасці. Другі праект – “Каралеўскія гісторыі” – прысвечан славутаму гістарычнаму мінуламу нашай Радзімы.

Праект Вікторыі Ільіной мае назву “Ад колеру да манахрому”. На выставе спалучаюцца падкрэслена каляровыя палотны з манахромнымі, пабудаванымі на фактурнасці і гульні ліній. Нечаканы для мастачкі пераход да чорна-белага жывапісу абвастрае яе ўспрыняцце рэчаіснасці.

Юрый Якавенка паказвае адразу некалькі новых серый афортаў, Вытанчанае майстэрства лініі, метафары, лаканічнасць – адметны стыль, “брэнд” знакамітага мастака. Яго работы зацягваюць ў прыцягальны казачны свет, дзе блукаюць патаемныя жаданні, смутныя асацыяцыі. А вось металічныя матрыцы-дошкі і калекцыя парцалянавых талерак з выявамі яго прац – унікальныя праекты, над якімі мастак працуе апошнія некалькі гадоў.

Галоўнае творчае крэда Уладзіміра Панцялеева – “алегорыя тэмы і тэма алегорыі”. Серыя драўлянай скульптуры, якую паказвае на выставе аўтар, вельмі архаічная і метафарычная. Яна настройвае гледача на інтуітыўна-філасофскі лад. Чалавек падаецца скульптарам вельмі схематычна, абагульнена, як частка сусвету і сімвал дасканалай формы.

У праекце Сяргея Грыневіча прадстаўлены новыя творы, якія дагэтуль не экспанаваліся ў Мінску. Гэта фрагменты некалькіх серый, над якімі аўтар працуе ўжо некалькі гадоў – цыкл, звязаны з экалогіяй, і серыя прац на сакральную тэматыку. Задачай мастака было азнаёміць гледача з разнастайнасцю аўтарскіх зацікаўленняў. У склад праекта ўваходзяць работы з серый “Біблейскія сюжэты” і “ECO”.

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца

Выстава будзе экспанавацца да 15 жніўня ўключна.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395 15 49;+375 (29) 264 68 48 (МТС).

З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva