29 ліпеня 2021 года ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацва” адкрываецца выставачны праект “Чатыры чвэрці. Расліны”, які прадстаўляе творы двух вядомых беларускіх мастакоў-керамістаў – Валерыя Калтыгіна і яго сына Максіма Калтыгіна.

Гэта выстава – першая ў праекце. Наступныя мастакі мяркуюць прысвяціць жывёльнаму сусвету, вобразу чалавека ў кераміцы і ўрэшце грамадству як найвышэйшай праяве чалавечых адносінаў паміж сабой і сусветам.

“Такія вядомыя пытанні, як: чалавек, навакольнае асяроддзе, чалавек і прырода, іх стасункі і іншае – апошнім часам усё больш і больш хвалююць грамадства, займаюць думкі людзей.

Зразумела, што ў гэтай сувязі ў кожнага з нас свае стаўленне і развагі, свае прафесійныя адносіны, напрыклад, прырода ў выяўленчым мастацтве. Тут ёсць пра што гаварыць, што сказаць, у якім адмысловым ракурсе разгарнуць свае творчыя высказванні.

Напэўна, мала хто з мастакоў у сваёй творчасці не сутыкаўся з неабходнасцю так ці інакш адлюстроўваць вобраз, форму раслін, пладоў, кветак, выказацца праз іх аб нечым цікавым, прыгожым, сваеасаблівым…

Вось і мы, бацька і сын Калтыгіны, не выключэнне, часцяком звяртаемся ў сваей керамічнай дзейнасці да выяў расліннага, жывёльнага свету і ў той ці іншай форме разважаемся на гэтую тэму тэарэтычна і матэрыяльна – практычна.

Калі гаварыць пра расліну ў фармаце выяўленчага мастацтва, дык тут адкрываецца фантасмагарычны сусвет фантастычных пераўтварэнняў у вобразных рашэннях і выказваннях мастакоў: іншыя вымярэнні, успрыманні, асацыятыўныя усведамленні рэчаіснасці.

Не будзем весці гаворку пра жывапіс, графіку, скульптуру і гэтак далей. Пагаворым трошку пра дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дзе расліна заўсёды і нават дамінантай гучыць у працах мастакоў у ткацтве, кераміцы, метале, дрэве…

У дэкаратыўна-прыкладном мастацтве расліна заўсёды стылезуецца, дэфармуецца, трансфармуецца, набывае (асабліва у сучасных напрамках мастацтва) асацыятыўныя, нязвыклыя для чалавека вобразныя абрысы, формы, колер, набывае іншае гучанне і змест. Тут узнікае праз душэўную, псіхалагічную, эмацыйную, кампазіцыйную, унутраную напружаную працумастака іншае гучанне вобраза ў адрозненне ад проста рэалістычнай, хай сабе і гарманічнай, прыгожай прыроднай выявы.Тут зусім іншая рэальнасць.

Мы з Максімам не падобныя адзін да аднаго ў мыслянні праз кераміку, мы і ў жыцці іншыя. Тыя мэты і задачы, якія узнікаюць у працэсах працы ў матэрыялах керамікі – яны ў нас розныя, нават кардынальна розныя ў падыходах да пластычных і колерных магчымасцей керамікі.

У ідэяле мастак павінен па магчымасці як мага часцей нешта пераглядаць у сабе – творцы: і ў тэматычных напрамках, і ў падыходзе да пластычных, колерных, тэхналагічных , кампазіцыйных і вобразных рашэннях. А ў творчасці ўсё гэта цесна связана паміж сабой.

Раслінны свет дае мастаку амаль неабмежаваныя магчымасці для эксклюзіўнасці ў кераміцы, для вобразна – пластычных пошукаў”.

Валерый Калтыгін, Максім Калтыгін


Валерый Аркадзьевіч Калтыгін

Нарадзіўся 16 верасня 1947 гады ў г.п. Антопаль Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці

1974 г. - скончыў Бабруйскае мастацкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча (аддзяленне керамікі), у 1979-м - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (спецыяліст па мастацкай кераміцы)

З 1976 году - удзельнік мастацкіх выстаў рознага ўзроўню ў Беларусі і за мяжой 1981 г. - сябра Беларускага саюза мастакоў

З 1990 года - нязменны кіраўнік бабруйскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў

1997-1999 гг. - арганізатар і кіраўнік пленэраў па кераміцы ў Беларусі

З 2003 года - арганізатар і кіраўнік штогадовых міжнародных пленэраў па кераміцы “Арт-Жыжаль”

2010 г. - лаўрэат спецыяльнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” – “за захаванне і развіццё традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арганізацыю міжнародных пленэраў і актыўную творчую дзейнасць”

2015 г. медаль Францыска Скарыны Жыве ў г.Бабруйску


Максім Валер’евіч Калтыгін

Нарадзіўся 12 лютага 1975 года ў г. Гомель.

1993 г. – скончыў Бабруйскае мастацкае вучылішча №15, спецыяльнасць: мастак-выканаўца афарміцельскіх работ

1998 г. – скончыў Віцебскі універсітэт ім. П.М. Машэрава, мастацка-графічны факультэт

1998-2001 гады - вучоба ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кафедра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва

2005 г. – сябра Беларускага саюза мастакоў

З 1999 г. - удзельнік пленэраў па кераміцы ў Беларусі і рэспубліканскіх мастацкіх выстаў;

З 2003 г. - удзельнік штогадовых міжнародных пленэраў па кераміцы "Арт-Жыжаль»

2009 г. - стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі

Жыве ў горадзе Менску.

Выстава будзе экспанавацца да 15 жніўня ўключна.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395 15 49;+375 (29) 264 68 48 (МТС).

З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva